Дарэчы, дасланы на конкурс "Нородны жуналіст", прызы якога - ноўты і паездка ў Польшчу. Конкурс цягнецца да 26 верасьня! Ёсьць час распавесьці пра свае праблемы!!!
Нягледзячы на з’яўленне ў Бабруйску пункта часовага ўтрымання, праблема бяздомных жывёл так і засталася нявырашанай. З нязручнымі праблемамі на месцах спраўляюцца так: заплюшчыў вочы, і вось іх няма. І быццам ёсць людзі з жаданнем прыносіць карысць. І здаецца праблема не самая непрыкметная, а ўсё ўпіраецца ў «грошай няма». А можа, гэта проста «адмазка»?
Забіваем-забіваем, а іх не менш …
Дзіўныя справы дзеюцца ў Бабруйску. Быццам бы ўлада паклапацілася пра бяздомных жывёл, аддала загад «зрабіць што-небудзь», і ў горадзе з’явіўся пункт часовага ўтрымання. На базе БУК САПа (спецаўтапрадпрыемства). Менавіта тут працуе прафесійная група адлову, іх яшчэ называюць у народзе «жывадзёры».
Прыхільнікі касматых бадзяжкаў спачатку ўзрадаваліся – ну нарэшце! А потым радасць неяк хутка выпарылася. Аказваецца, жывёле з моманту траплення ў пункт даецца ўсяго тры дня на шанец выжыць. Не прыйшоў за табой чалавек, не ўзяў да сябе – смерць.
І паміраюць безабаронныя камячкі пачкамі. Ім робяць ўколы Т-61, якімі трэба трапляць ахвяры ў самае сэрца, што атрымліваецца не заўсёды і не ва ўсіх. Таму жывёлка адпраўляецца на той свет з жудаснымі пакутамі…
Была праблема – няма праблемы. Так проста, ці не праўда?
Здавалася б, коштам некалькіх соцень ахвяр нашай прадуманай «чалавечнасці» праблема вырашыцца. Канцлагер часовага ўтрымання працуе спраўна, смяротнасць пастаўлена на канвеер … Але бяздомных жывёл у Бабруйску чамусьці не стала менш. Асабліва ўражвае колькасць кацянят, зусім маленькіх і падлеткаў. Здаецца, іх стала толькі больш. І тут нават бабулі-пенсіянерцы сама сабой у галаву пракрадаецца крамольная думка: а можа, «бацькі горада» неяк няправільна вырашаюць гэтую праблему?
Выратаваць ад «ратавальнікаў»
Атрымалася наступная сітуацыя: чуллівым людзям даводзіцца рэгулярна наведвацца ва ўстанову, якая на справе аказалася пунктам часовай адтэрміноўкі ад смерці, і забіраць жывёл да сябе. Не ад жадання завесці трэцяга сабаку і пятага ката, а проста, каб выратаваць ім жыццё. Ператрымаць, знайсці добрага гаспадара.
Некаторыя мясцовыя СМІ надрукавалі некалькі заклікаў да бабруйчан, патлумачылі, што жывёлы без іх асуджаныя на смерць. Адна газета перыядычна, калі было месца на паласе, размяшчала фота катоў і сабак, якія вымушаныя часова спадзявацца на жыццё ў сценах БУК САПа. Але і тут добрыя намеры журналістаў былі растаптаны ўнутранымі правіламі пункта.
А адбылося наступнае. Бабруйчане бачылі фота ў газеце, завочна абіралі, напрыклад, кацяня, і адпраўляліся па паказаным адрасе. Узялі дзіця («будзе табе падарунак!»), прыйшлі ў пункт, а там ім сказалі, што Рыжыка або Барсіка як раз сёння раніцай адправілі на той свет: яго трое сутак на жыццё скончыліся. У сыночка шок, бацькі здзіўляюцца, ну як так?!
Гісторыя адной Дабрадзейнасці
Вось ужо два гады ў Бабруйску працуе дабрачыннае таварыства абароны жывёл «Дабрадзейнасць». Робяць, усё што ў іх сілах. Забіраюць жывёл на ператрымку з пункта часовага ўтрымання, падбіраюць пухнатых беспрытульнікаў на вуліцы, праводзяць дабрачынныя акцыі, лечаць і кормяць, стэрылізуюць.
- За ўвесь час працы таварыства мы прыстроілі каля 400 жывёл, – распавядае Вольга Азаронак, старшыня «Дабрадзейнасці». – На кожнай акцыі знаходзім дом для 20-30 чатырохногіх. У нас ёсць дабрачынны рахунак, на гэтыя невялікія грошы мы купляем корм і амуніцыю, плацім за перавозкі. Да прыкладу, даставіць жывёл з часовага пункта на дабрачынную акцыю ў парк каштуе каля паўмільёна. Усё гэта мы робім на грошы сябраў таварыства і ахвяраванні. Фінансаў, натуральна, заўсёды не хапае.
Вольга ўжо які год дамагаецца ад гарадскіх уладаў дапамогі. А менавіта – памяшкання, у якім яна з аднадумцамі магла б стварыць сапраўдны прытулак для бяздомных жывёл. Абаронца чатырохногіх ўпэўненая, што рашэннем праблемы павінны займацца толькі тыя людзі, якія па-сапраўднаму любяць звяркоў.
- Звярталася да старшыні гарвыканкама Дзмітрыя Бонахава, паказвала на канкрэтны пустуючы будынак, каб аддалі пад прытулак, – уздыхае Вольга Азаронак. – Але мне заўсёды адказваюць, што гэта памяшканне выстаўлена на продаж, свабодных будынкаў няма, грошай таксама няма. Хоць на справе ў Бабруйску ёсць мноства збудаванняў, якія падышлі б нам, і якія пустуюць некалькі гадоў. Улады лічаць, што пункт часовага ўтрымання – гэта і ёсць прытулак. Маўляў, і так зрабілі для жывёл шмат.
Сябры «Дабрадзейнасці» спрабавалі выкараскацца самі. Здымалі прыватныя дамы, у іх жылі выратаваныя ад смерці жывёлы, але нядоўга. Вольга распавядае, што ім прыйшлося змяніць ужо сем арандаваных будынкаў – з-за скаргаў суседзяў. Людзі выклікалі міліцыю, пісалі ў інстанцыі, бывала, накідваліся на абаронцаў звяркоў з кулакамі …
Таму цяпер таварыства не мае магчымасці забіраць на ператрымку ўсіх катоў і сабак, якіх ім прыносяць. Ёсць невялікае памяшканне, у якім яны ўтрымоўваюць некалькі сабак. Каты – на руках у сяброў «Дабрадзейнасці», забіраюць, хто колькі зможа. Увогуле, сітуацыя слёзная.
Ні сабе, ні людзям
А праўда, мабыць у тым, што нематэрыяльнае, якое не мае фінансавай выгады, не цікавае ўладам. «Лепш няхай гэты будынак згніе за адсутнасцю пакупніка, але бясплатна не аддамо» – так атрымліваецца. А закінутых памяшканняў у Бабруйску і на самай справе больш чым дастаткова.
Грошы таксама з’яўляюцца, але на іншыя, больш «важныя» рэчы. Прывяду просты прыклад. На днях старшыня гарвыканкама спатыкнуўся аб прыступку нязручнай лесвіцы, якая прымыкае да будынка каля цэнтральнага рынку.Некалькі пакаленняў бабруйчан там спатыкаліся і падалі, і нічога, а тут сам «мэр» ўпаў! Дзмітрый Бонахаў аддаў загад неадкладна паправіць. І на наступны ж дзень (!!!) там ужо працавала група рабочых-рамонтнікаў. І неяк хутка грошы знайшліся на мадэрнізацыю бяздольнай лесвіцы …
Мараль такая. Калі б жыла ў Бабруйску хоць адна «вялікая шышка», якая любіла не толькі сябе, але і жывёл, – грошы і памяшканне знайшліся б.
А самі хіба лепш?!
Напэўна, нашы абыякавыя чыноўнікі – спараджэнне нашай жа абыякавасці. Купіць за велізарныя грошы страшненькага, але жудасна моднага кітайскага чубатага сабачку прыкольней, чым падабраць на вуліцы беспароднага барбоса. Але з добрым густам не паспрачаешся.
Самае страшнае, што дарослыя не вучаць сваіх дзяцей быць добрымі да жывёл. Практычна ад кожнага знаёмага маляняці можна пачуць у рамках гісторый «як я правёў лета» аб надзіманні жаб праз саломінку або аб кацяняці, якога спускалі з вышыннага дома «з парашутам» з цэлафанавага пакета. А дзеці бяруць прыклад з нас.
Адна бабруйчанка распавяла, што ў сваім прыватным доме трымала некалькі падабраных жывёл. Аднойчы яе сабакі зніклі. Шукалі іх доўга, і аднаго знайшлі … са зблытанымі калючым дротам лапамі. Улюбёнец сям’і прамучыўшыся яшчэ два дні і памёр.
Маім сяброўкам давялося гэтым летам ратаваць сабаку ад п’янага «выпускніка» ВДВ. «Дэсантнік» душыў бяздомнага барбоса пад радаснае іржанне сваіх сябрукоў. Напэўна, для больш моцных двухногіх забіць слабую жывёлу – гэта крута.
Што можам зрабіць самі
Вольга Азаронак раіць тым, хто падкормлівае жывёл каля сваіх пад’ездаў часцей звяртацца ў аддзяленні ЖКГ. З просьбай не высылаць да іх дома групы адлову і абяцаць (і выконваць, безумоўна) сачыць за здароўем падапечных.
Другі пункт – дамагацца адмены эўтаназіі на карысць стэрылізацыі. Да прыкладу, калі мы адпачывалі ў сваякоў у Адэсе, заўважылі, што па горадзе ходзяць толькі дарослыя або старыя бяздомныя жывёлы. Нам патлумачылі, што чатырохногіх «бомжыкаў» там не забіваюць, а стэрылізуюць. Таму яны не плодзяцца, а спакойна дажываюць свой век.
У «Дабрадзейнасці» дапамагаюць стэрылізаваць жывёлу нават тым, хто трымае гадаванца дома, але не можа заплаціць за аперацыю. Некаторым аплачваюць працэдуру на 50 адсоткаў, ну а калі з грашыма зусім туга, то цалкам.
Мае сэнс пісаць гарадскім уладам звароты з просьбай адмяніць эўтаназію і вылучыць памяшканне пад прытулак. Надзеі мала, але паспрабаваць варта.
І вядома, вельмі важна казаць аб гэтай праблеме як мага часцей, не забываць пра яе. Па магчымасці ахвяраваць корм або грошы таварыствам тыпу «Дабрадзейнасці», – ім прыходзіцца вельмі цяжка. Бо нават самая маленькая дапамога можа выратаваць камусьці жыццё.
Аўтар: Алеся Дмітрашка