Дэдлайн – 20 лістапада! Конкурс «Народны журналіст – 2» («Народныя мультымедыя»)
Найлепшы відэа-, фота-, аўдыярэпартаж пра мясцовыя праблемы.
Працы прамаюцца да 20 лістапада 2011 г.
“Народныя журналісты” рыхтуюць фота-, відэа-, аўдыёрэпартаж ці відэаблёг каб падняць істотную сацыяльную, эканамічную, палітычную праблему, важную для мясцовых людзей.
конкурсУсе конкурсныя працы зьявяцца на сайце
http://narodny.by .
Найлепшыя працы відэа будуць разьмешчаны ў інтэрнэце, прапанаваныя да паказу на тэлевізійным канале “Белсат”, памножаныя на дысках;
найлепшыя фотарэпартажы будуць апублікаваныя ў газэтах і як аднаразовыя друкі;
найлепшыя аўдыязапісы прагучаць на Радыё Рацыя і будуць памножаныя на дысках;
Пераможцы будуць адзначаныя прафэсійнымі відэакамэрамі (фотакамэрамі) ды атрымаюць магчымасьць стажаваньня ў Польшчы.
АПОШНІ ТЭРМІН – 20 лістапада 2011 г.
МЭТА
Кожнага чалавека турбуюць заробкі і цэны, жытло і праца, адукацыя і культура, транспарт і мэдыцына, камунальныя службы й правапарадак. Кожнага нэрвуе, калі праблемы не вырашаюцца.
Многія ня вераць, што могуць паўплываць на сытуацыю – і ў сваёй мясцовасьці, і ў краіне.
Мэта конкурсу – заахвоціць здольных сказаць пра мясцовую праблему так яскрава і пераканаўча, што дзеля яе вырашэньня людзі аб’яднаюцца.
Разважаць пра глябальныя рэчы часам лягчэй, чым пра будзённыя клопаты ды іх прычыны. Але звычайны чалавек жыве штодзённасьцю. Конкурс дасьць голас гэтай штодзённасьці.
МЯСЦОВАЯ ПРАБЛЕМА
– зьвязаная з пэўным паселішчам, мікрараёнам, прадпрыемствам, мясцовай прафэсійнай ці іншай групай.
Праблема мусіць быць грамадзка значная, г. зн. не абмяжоўвацца дробнымі недапрацоўкамі камунальных службаў. Гэта, напрыклад, адсутнасьць грамадзкага кантролю за мясцовымі ўладамі й бюджэтамі; няўвага й непавага да мясцовых людзей; ідэалягічны, культурны, моўны дыктат. Гэта становішча на канкрэтным прадпрыемстве: заробкі, беспрацоўе, непразрыстыя пляны прыватызацыі. Гэта цэны, мясцовы рынак, дробныя прадпрымальнікаў. Карупцыя. Сацыяльныя кантрасты (як катэджы ля вазёраў). Палітычны перасьлед і палітычныя вязьні. Але ўсюды павінны быць мясцовыя факты.
ХТО ЎДЗЕЛЬНІЧАЕ
Удзельнікі – грамадзяне Беларусі, якія хочуць зрабіць краіну лепшаю. Любога ўзросту, месца жыхарства, партыйнасьці й палітычных поглядаў, суджаныя або не, журналісты або (лепш!) аматары.
УМОВЫ
Матэрыял не павінен раней публікавацца.
Матэрыял мае быць на тэму, зьвязаную з канкрэтнай мясцовай праблемай. Калі праблема агульнанацыянальная характар, то раскрываецца на мясцовым матэрыяле.
Жанр матэрыялу можа быць розны: рэпартаж, хроніка падзеяў, кліп, відэаблёг і г. д.
Аб’ём любы: можа быць 30-сэкундавы кліп, а можа і закончаны відэафільм.
Відэаматэрыял можа быць зьняты любым чынам: відэа- і фотакамэрай, фотаапаратам, вэб-камэрай. Тое самае пра аўдыязапіс.
ЯК ПЕРАДАЦЬ
- Да 25 мб! пераслаць файл любога відэа/аўдыяфармату (mpeg, avi, mp4, aac, mp3, wav, wmv) ці фатаграфіі (jpg, gif, tif, png) на электронны адрас
narodny.zurnalist@gmail.com- Больш за 25 мб! разьмясьціць у інтэрнэце на сайтах Youtube, Vimeo, Vkontakte і паслаць спасылку на электронны адрас
narodny.zurnalist@gmail.com- або паслаць дыск на паштовы адрас г. Мiнск а/с 86 220002
Пра сябе паведаміць:
- Імя й прозьвішча або псэўданім;
- Зьвесткі для кантакту з аўтарам (эл. адрас – пажадана на gmail; паштовы адрас паводле жаданьня й неабходнасьці; мабільны й стацыянарны паводле жаданьня тэл., імя ў скайпе).
Арганізатары вышлюць пацьверджаньне атрыманьня на пазначаны ў анкеце электронны адрас.
народны журналіст
КРЫТЭРЫ ВЫЗНАЧЭНЬНЯ НАЙЛЕПШЫХ
1. Матэрыял павінен актывізаваць і аб’яднаць мясцовую грамаду.
2. Матэрыял як мага больш даступны г. зв. “звычайнаму чалавеку”.
3. Матэрыял з практычнымі прапановамі да самаарганізацыі мясцовай грамады.
4. Перавагу будуць мець матэрыялы зь беларускай мовай у якасьці асноўнай (напр., у выпадку інтэрвію журналіст гаворыць па-беларуску, а ягоны суразмоўца – як можа).
5. Тэмы, якія не прапусьцяць у афіцыйнай прэсе ці на БТ.
ПУБЛІЧНАСЬЦЬ. ПАШЫРЭНЬНЕ МАТЭРЫЯЛАЎ
Ацэньваць матэрыялы будзе міжнароднае журы, у складзе якога прафэсійныя тэлевізійнікі, журналісты, дзеячы мясцовага самакіраваньня, літаратары.
Матэрыялы, якія паступяць, адкрытыя для публікі.
АДЗНАЧЭНЬНЕ ПЕРАМОЖЦАЎ
1. Двое пераможцаў атрымаюць прафэсійныя відэакамэры або фотаапараты.
2. Пяцёра аўтараў найлепшых матэрыялаў паедуць на кароткі стаж у мас-мэдыях і мясцовых самакіраваньнях Варшавы й Беластока.
3. 10 найбольш прыдатных відэа-, фота-, аўдыяматэрыялаў будуць апублікаваныя для распаўсюду ў адпаведнай мясцовасьці.